:

Вызначэнне прыналежнасці да грамадзянства Рэспублікі Беларусь

Прыналежнасць асобы да грамадзянства Рэспублікі Беларусь можа быць засведчана:

  • пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь;
  • дыпламатычным пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь;
  • службовым пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь;
  • нацыянальным пасведчаннем асобы марака.

Пры адсутнасці ў асобы дакумента, якi сведчыць грамадзянства Рэспублікі Беларусь (страта, прывядзенне ў непрыдатнасць і іншыя прычыны), ўзнікненні сумненняў у сапраўднасці або абгрунтаванасці выдачы такога дакумента, а таксама пры абставінах, якія дазваляюць меркаваць наяўнасць альбо адсутнасць у асобы грамадзянства Рэспублікі Беларусь, праводзіцца праверка прыналежнасці гэтай асобы да грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Праверка прыналежнасці асобы да грамадзянства Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца як па заяве асобы, складзенай у адвольнай форме, так і па ініцыятыве замежнай установы.

Для правядзення працэдуры вызначэння прыналежнасці да грамадзянства Рэспублікі Беларусь грамадзяне, стала зарэгістраваныя па месцы жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, звяртаюцца ў замежную ўстанову з пісьмовай заявай, адрасаванай у падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы сваёй рэгістрацыі ў Рэспубліцы Беларусь (грамадзяне, якія аформілі ў вызначаным заканадаўствам парадку выезд да сталага жыхарства за межы Рэспублікі Беларусь і дакументаваныя пашпартам серыі «РР» — з заявай, адрасаванай у адпаведную замежную ўстанову Рэспублікі Беларусь), і прыкладаюць да яе наступныя дакументы, неабходныя для ажыццяўлення гэтай працэдуры:

  • пасведчанне аб нараджэнні і яго копію;
  • аўтабіяграфію з пазначэннем дакладнага адрасу пражывання ў Рэспубліцы Беларусь (у Турэцкай Рэспубліцы);
  • дакумент аб заключэнні / скасаванні шлюбу (пры змене прозвішча) і яго копію;
  • дакумент аб змене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку (пры змене прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку) і яго копію;
  • пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь / СССР (пры наяўнасці) і копіі яго старонак з усталявальнымі звесткамі, а таксама старонак, якія змяшчаюць адзнакі кампетэнтных органаў за выключэннем візавых і штампаў аб перасячэнні мяжы;
  • пашпарт грамадзяніна замежнай дзяржавы і копіі яго старонак з усталявальнымі звесткамі, а таксама старонак, якія змяшчаюць адзнакі кампетэнтных органаў за выключэннем візавых і штампаў аб перасячэнні мяжы;
  • афіцыйны дакумент з гербавай пячаткай, які пацвярджае факт набыцця грамадзянства замежнай дзяржавы (з пазначэннем дакладнай даты яго набыцця) і яго копію (Запіс аб грамадзяніне Турцыі Nüfus Kayıt Örneği (дакумент павінен змяшчаць раздзел 'Vatandaşlık'). На гэтым дакуменце павінен быць прастаўлены штамп апастыль);
  • дзве актуальныя каляровыя фотакарткі памерам 37х47 мм.

Пры гэтым усе дакументы, складзеныя на замежнай мове, павінны быць прадстаўлены ў замежную ўстанову з перакладам на рускую ці беларускую мову, выкананым акрэдытаваным перакладчыкам.

Па выніках разгляду матэрыялаў аб вызначэнні прыналежнасці асобы да грамадзянства Рэспублікі Беларусь выносіцца заключэнне, у якім называюцца прававыя падставы, у адпаведнасці з якімі асоба прызнаецца альбо не прызнаецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

Праверка прыналежнасці асобы да грамадзянства Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца ў межах тэрміну, неабходнага для дакладнага вызначэння наяўнасці абставін, з якімі заканадаўства Рэспублікі Беларусь звязвае прыналежнасць да грамадзянства Рэспублікі Беларусь, які не перавышае шасці месяцаў з дня прыняцця ад асобы адпаведнай заявы.

Паводле вынікаў праверкі асобе выдаецца даведка аб прыналежнасці да грамадзянства Рэспублікі Беларусь, якая пацвярджае ўсталяваны факт.

У выпадку, калі заяўнік не быў прызнаны грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, у яго забіраецца беларускі пашпарт, а ўезд у Рэспубліку Беларусь ажыццяўляецца па праязным дакументам замежнай дзяржавы з візай Рэспублікі Беларусь, пры атрыманні якой неабходна падаваць даведку аб прыналежнасці да грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Консульскі збор за выдачу даведкі аб прыналежнасці да грамадзянства Рэспублікі Беларусь складае 35 еўра.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці