Агульная інфармацыя
Пытанні, звязаныя з грамадзянствам Рэспублікі Беларусь, разглядаюцца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 01.08.2002 года, Палажэннем аб парадку разгляду пытанняў, звязаных з грамадзянствам Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 209 ад 17.11.1994 года ў рэдакцыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 755 ад 29.12.2006 года, а таксама іншымі актамі заканадаўства, у тым ліку міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь.
Грамадзянамі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца:
- асобы, якiя знаходзяцца ў грамадзянстве Рэспублікі Беларусь на дзень уступлення ў сiлу гэтага Закона (г.зн. 17.08.2002 года);
- асобы, якія набылі грамадзянства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з гэтым Законам.
Грамадзянамі Рэспублікі Беларусь па нараджэнні прызнаюцца асобы, якiя нарадзiлiся ў межах сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з'яўлялiся грамадзянамi былога СССР пры нараджэннi i атрымалi грамадзянства Рэспублiкi Беларусь да ўступлення ў сiлу гэтага Закона.
Грамадзянства Рэспублікі Беларусь набываецца:
- па нараджэнні (гл. раздзел «Грамадзянства непаўналетніх дзяцей»);
- у выніку прыёму ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь (гл. раздзел «Прыём у грамадзянства»);
- у парадку рэгiстрацыi (афармленне ажыццяўляецца органамі ўнутраных спраў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь).
Грамадзянства Рэспублікі Беларусь спыняецца ў вынiку:
- выхаду з грамадзянства Рэспублікі Беларусь (гл. раздзел «Выхад з грамадзянства»);
- страты грамадзянства Рэспублікі Беларусь (гл. раздзел «Страта грамадзянства»).
Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у г.Стамбуле:
- прымае ад асоб, якія стала пражываюць за мяжой, заявы па пытаннях грамадзянства, правярае факты i дакументы, прадстаўленыя ў абгрунтаванне такiх заяў;
- накіроўвае матэрыялы па заявах аб прыёме ў грамадзянства i выхадзе з грамадзянства Рэспублікі Беларусь на разгляд Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь;
- вызначае прыналежнасць асоб, якія знаходзяцца за мяжой, да грамадзянства Рэспублікі Беларусь (гл. раздзел «Вызначэнне прыналежнасці да грамадзянства»);
- рэгіструе страту грамадзянства Рэспублікі Беларусь асобамі, якія стала пражываюць за мяжой;
- вырашае пытаннi змянення грамадзянства на падставах, прадугледжаных міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь;
- ажыццяўляе кантроль за спыненнем замежнага грамадзянства ў асоб, прынятых у грамадзянства Рэспублiкi Беларусь;
- вырашае ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь iншыя пытаннi, звязаныя з грамадзянствам Рэспублікі Беларусь.
Генеральнае консульства прымае заявы па грамадзянстве Рэспублікі Беларусь толькі ад грамадзян, якія стала пражываюць у Турцыі, г.зн. аформілі ў вызначаным парадку дазвол на сталае жыхарства за межамі Рэспублікі Беларусь, а таксама якія знаходзяцца на сталым консульскім уліку ў Генконсульстве.
Калі заяўнік не можа падпісаць заяву па прычыне недасведчанасці або фізічных недахопаў, заява па яго просьбе падпісваецца iншай асобай.
Заява лічыцца прынятай з дня падачы ўсіх прадугледжаных заканадаўствам дакументаў, аформленых належным чынам.