Консульскі ўлік
Запіс на консульскі прыём па тэлефоне (перайсці па спасылцы)
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь» грамадзяне, якія атрымалі пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для сталага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь абавязаны стаць на консульскі ўлік грамадзян, якія стала пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь, у дыпламатычным прадстаўніцтве або консульскай установе Рэспублікі Беларусь у дзяржаве сталага пражывання, а ў выпадку адсутнасці дыпламатычнага прадстаўніцтва або консульскай установы Рэспублiкi Беларусь у дзяржаве сталага пражывання — у дыпламатычным прадстаўніцтве або консульскай установе Рэспублікі Беларусь у іншай найбліжэйшай дзяржаве альбо ў галоўным консульскім упраўленні Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (далей — сталы консульскі ўлік).
Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для сталага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь — гэта пашпарт серыі РР. Ён выдаецца грамадзянам Рэспублікі Беларусь органамі ўнутраных спраў або дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі або консульскімі ўстановамі Рэспублікі Беларусь пасля афармлення сталага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь.
Грамадзяне, якія стала пражываюць у замежнай дзяржаве i якія жадаюць вярнуцца на сталае жыхарства ў Рэспубліку Беларусь, абавязаны зняцца з консульскага ўліку ў адпаведным дыпламатычным прадстаўніцтве або консульскай установе Рэспублікі Беларусь.
Грамадзяне, якія часова знаходзяцца ў замежнай дзяржаве, маюць права звярнуцца да дыпламатычнага прадстаўнiцтва або консульскай ўстановы Рэспублiкi Беларусь з заявай аб пастаноўцы на консульскі ўлік грамадзян, якія часова знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь (далей — часовы консульскі ўлік).
На часовы консульскі ўлік на тэрмін не больш за 2 гады прымаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія маюць дазвол на пражыванне афіцыйных органаў краіны знаходжання і часова выехалі з Рэспублiкi Беларусь, напрыклад, для працы за мяжой па кантракце, у тым ліку ў міжнародных арганізацыях, для навучання, праходжання практыкі або стажыроўкі ў навучальных установах і арганізацыях, для працяглага лячэння, а таксама якія маюць часовы дазвол на жыхарства ў замежнай дзяржаве.
Для пастаноўкі на сталы консульскі ўлік грамадзянін прадстаўляе:
- пашпарт заяўніка;
- дзве каляровыя фатаграфіі заяўніка, якiя адпавядаюць яго ўзросту, памерам 40х50 мм;
- дакумент, выдадзены кампетэнтным органам замежнай дзяржавы, які пацвярджае месца пражывання грамадзяніна на тэрыторыі замежнай дзяржавы;
- дакумент, які пацвярджае ўнясенне платы.
Для пастаноўкі на часовы консульскі ўлік прадстаўляюцца:
- пашпарт заяўніка;
- дзве каляровыя фатаграфіі заяўніка, якiя адпавядаюць яго ўзросту, памерам 40х50 мм;
- дакумент, які пацвярджае права заяўніка на часовае знаходжанне ў гэтай дзяржаве;
- дакумент, выдадзены кампетэнтным органам замежнай дзяржавы, які пацвярджае месца пражывання грамадзяніна на тэрыторыі дадзенай замежнай дзяржавы.
Для зняцця з консульскага ўліку грамадзянін прадстаўляе:
- пашпарт заяўніка.
У выпадку пастаноўкі на сталы альбо часовы консульскі ўлік, а таксама зняцця з консульскага ўлiку асоб, якія не дасягнулі 14-гадовага ўзросту, вышэйпералічаныя дакументы (павінны быць аформлены на непаўналетняга) прадстаўляюць іх законныя прадстаўнікі. Пры гэтым дадаткова прадстаўляецца пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу законнага прадстаўніка непаўналетняга.
Дакументы, выдадзеныя кампетэнтнымі органамі замежных дзяржаў, прымаюцца пры ўмове іх легалізацыі (прастаўлення апастыль), калі іншае не ўстаноўлена міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь, і перакладу на адну з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
Спіс акрэдытаваных у Генконсульстве перакладчыкаў тут.
Консульскі збор за пастаноўку на сталы консульскі ўлік складае 10 еўра. Пастаноўка на консульскі ўлік асоб, якія не дасягнулі 14-гадовага ўзросту, робіцца бясплатна.
Пастаноўка на часовы консульскі ўлік выконваецца бясплатна.
Зняцце з консульскага ўліку робіцца бясплатна.
Тэрмін пастаноўкі на консульскі ўлік: у дзень падачы заявы — пры асабістым звароце і 10 дзён з дня падачы заявы — пры накіраванні дакументаў поштай.