У Стамбуле стартавала міжнародная выстава BEAUTYISTANBUL
07.05.2026 г.
7 мая 2026 года ў Стамбуле пачала працу міжнародная выстава BEAUTYISTANBUL — адна са значных падзей у сферы касметыкі, прыгажосці, бытавой хіміі, private label, упакоўкі і інгрэдыентаў. Выстава праходзіць у выставачным цэнтры TÜYAP Fair Center і працягнецца да 9 мая 2026 года.

Беларуская прадукцыя на выставе прадстаўлена ў тым ліку брэндамі BelorDesign і Fastbuy. Удзел айчынных кампаній у BEAUTYISTANBUL спрыяе прасоўванню беларускіх тавараў на знешнія рынкі, пашырэнню дзелавых кантактаў і пошуку новых партнёраў.

Стэнды беларускай прадукцыі наведала Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Стамбуле Яўгенія Барткевіч. У ходзе наведвання яна адзначыла высокі ўзровень прадстаўленых брэндаў і іх экспартны патэнцыял, а таксама значнасць удзелу ў міжнародных галіновых пляцоўках для ўмацавання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

BEAUTYISTANBUL уваходзіць у лік найбуйнейшых міжнародных выстаў галіны: паводле даных арганізатараў, у 2026 годзе ў ёй удзельнічаюць 1295 экспанентаў з 66 краін, а геаграфія прафесійных наведвальнікаў ахоплівае 167 краін. Гэта стварае шырокія магчымасці для прэзентацыі беларускай прадукцыі, правядзення перамоў і выхаду на новыя рынкі.
